Міжнародны дзень студэнтаў

Міжнародны дзень студэнтаў

Сёння адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў. Гэты дзень гістарычна звязаны з падзеямі 1939 года, калі падчас студэнцкіх хваляванняў у Чэхіі 28 кастрычніка акупанты застрэлілі студэнта Яна Аплеталя. Ягонае пахаванне ператварылася ў масавыя акцыі пратэсту, а 17 лістапада нацысты арыштавалі і адправілі ў канцлагеры больш за 1200 студэнтаў. У 1941 годзе ў Лондане на Міжнароднай сустрэчы студэнтаў краін, якія змагаюцца супраць фашызму, было вырашана адзначаць 17 лістапада як Дзень міжнароднай салідарнасці студэнтаў.

У 2020 годзе беларускае студэнцтва актыўна ўключылася ў пратэсты і разам з іншымі беларусамі і беларускамі адстойвала каштоўнасці свабоды, дэмакратыі, справядлівасці, законнасці і салідарнасці. Студэнты і студэнткі пераканаўча паказалі, што ведаюць свае правы і гатовыя змагацца за свае ідэалы, часам нават коштам уласнай свабоды. Так, напрыклад, у адным з інтэрв’ю актывістка ЗБС Алана Гебрэмарыям, асуджаная на 2,5 гады пазбаўлення волі па «Справе студэнтаў», сказала: «Свабода — адна з маіх галоўных каштоўнасцяў. Гэта тое, за што я заўсёды выступаю. Але калі дзеля рэфармавання Беларусі мне давядзецца ёй ахвяраваць, я думаю, што змагу на гэта пайсці».

Рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага студэнцтва працягваюцца ўжо больш за год. Сёння ў Беларусі больш за 40 студэнтаў і студэнтак прызнаныя палітвязнямі, сотні прайшлі праз «суткі», псіхалагічны ціск, фізічны гвалт, адлічэнні і вымушаную эміграцыю. Студэнты і студэнткі беларускіх ВНУ вучацца ва ўмовах адсутнасці акадэмічных свабод, не могуць адкрыта заяўляць пра свае погляды і выказвацца па значных пытаннях і ўвесь час падвяргаюцца ідэалагічнаму ціску.

Але барацьба за новую Беларусь працягваецца, а салідарнасць і падтрымка становяцца ўсё больш важнымі з кожным днём. Офіс па адукацыі для новай Беларусі разам з партнёрамі працягне адстойваць правы рэпрэсаваных студэнтаў і студэнтак і аказваць ім дапамогу ўсімі даступнымі спосабамі.Мы заклікаем усіх беларусаў і беларусак да салідарнасці з палітзняволеным студэнцтвам. Пішыце лісты зняволеным, падтрымлівайце іх сем’і і сяброў. Толькі разам мы зможам перамагчы і пачаць будаваць свабодную дэмакратычную Беларусь.