У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі

У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі

Збор сродкаў на дапамогу палітзняволеным беларускам і выданне рускамоўнай версіі кнігі Вольгі Шпарагі.

У лютым гэтага года выходзіць рускамоўная версія кнігі Вольгі Шпарагі «У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі». Да выхаду кнігі Офіс па адукацыі для новай Беларусі, Фемгрупа КР, аб’яднанне RAZAM e.V. і праект «Палітвязень — мой сябар» запусцілі краўдфандынгавую кампанію, сродкі ад якой будуць перададзеныя на дапамогу палітзняволеным беларускам, а таксама пойдуць на частковае пакрыццё выдаткаў на выданне кнігі і арганізацыю прэзентацый.

У межах кампаніі можна пералічыць любую суму ад 15 EUR і атрымаць наўзамен расейскамоўную версію кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі» — мы вышлем яе па пошце на адрас, пазначаны вамі ў анкеце (па меркаваннях бяспекі мы не будзем перасылаць друкаваныя асобнікі кнігі ў Беларусь).

Фота Віялеты Саўчыц

Вольга Шпарага: Працу над кнігай «У рэвалюцыі жаночы твар. Выпадак Беларусі» я пачала ў лістападзе 2020 года, неўзабаве пасля таго, як з-за палітычнага пераследу пераехала ў Вільню. Яна пра тое, як і чаму пачалося абуджэнне беларускага грамадства, а таксама пра тое, чаму менавіта жанчыны сталі тварам беларускай рэвалюцыі.

Першы раздзел кнігі прысвечаны нараджэнню ў Беларусі новага жаночага калектыўнага суб’екта. У ёй я разглядаю розныя формы актывізацыі і салідарызацыі жанчын — ад узнікнення хэштэга #евалюция і пачатку жаночых маршаў да сястрынства ў турмах. А таксама даю ацэнку ролі жанчын у беларускай рэвалюцыі — і для іх далейшага лёсу, і для ўсяго нашага грамадства, і для будучага фемінізму ў Беларусі.

Другі раздзел кнігі прысвечаны беларускаму грамадству як галоўнай рухаючай сіле беларускай revolution-in-progress. У ёй размова ідзе пра грамадскія і палітычныя ўмовы, якія прывялі да абуджэння грамадзян Беларусі, пра шматлікія дэцэнтралізаваныя, гарызантальныя, крэатыўныя і апасродкаваныя лічбавыя тэхналогіі тактыкі грамадскай актывізацыі і салідарызацыі; нарэшце, пра тое, чаго ўдалося і не ўдалося дабіцца беларускаму грамадству на першым этапе рэвалюцыі са шматтысячнымі мітынгамі і пратэстамі, якія доўжыліся больш за 200 дзён.

У трэцім раздзеле кнігі я прапаную шэраг філасофскіх паняццяў для разумення абуджэння беларускага грамадства ўлетку 2020 года, а таксама абгрунтаванне таго, чаму выкарыстоўваю паняцце revolution-in-progress. Тут ключавымі для мяне з’яўляюцца паняцці грамадскай эмансіпацыі, палітычнай суб’ектывацыі і забастоўкі-як-клопату, а таксама пытанне аб тым, наколькі прадуктыўна казаць пра салідарызацыю беларускага грамадства ў тэрмінах нацыянальнага абуджэння і нацыянальнай супольнасці.

Нямецкамоўная версія кнігі з’явілася ў чэрвені 2021 года, была добра прынята ў Германіі, а ўжо ў лютым 2022-га будзе выдадзена і на рускай мове.

Кніга на нямецкай увайшла ў тройку найлепшых кніг ліпеня-жніўня 2021 года. На думку 30 крытыкаў нямецкага грамадскага тэлевізійнага канала ZDF, газеты Die Zeit і нямецкай грамадскай культурна-асветніцкай радыёстанцыі Deutschlandfunk Kultur, яна паглыбляе разуменне грамадскіх пытанняў і дапамагае лепей разбірацца ў грамадскіх дэбатах. Таксама было адзначана, што кніга паказвае: “барацьба беларускіх жанчын мае значэнне для жанчын ва ўсім свеце”.

Сёння ў Беларусі амаль 1000 палітвязняў, і больш за 100 з іх — жанчыны. Пры падтрымцы Офіса па адукацыі, разам з праектам «Палітвязень — мой сябар», аб’яднаннем RAZAM e.V. і Фемгрупай КР мы праводзім гэтую краўдфандынгавую кампанію, каб падтрымаць палітзняволеных беларусак, якія былі незаконна затрыманыя, знаходзяцца пад следствам або асуджаныя па сфабрыкаваных справах.

Давайце разам падтрымаем палітвязняў! Нашая сіла — у салідарнасці!

Пра аўтарку

Вольга Шпарага нарадзілася ў 1974 годзе. Філасофка, кандыдатка філасофскіх навук. Вучылася філасофіі ў Беларусі і Нямеччыне. Уваходзіць у навуковую раду часопісаў The Ideology and Politics Journal, The Interlocutor і pARTisanкА. Займалася навуковымі даследаваннямі ў Рурскім універсітэце г. Бохума, ва ўніверсітэце Генрыха Гейне г. Дзюсельдорфа і ва ўніверсітэце г. Фрайбурга (Германія), у Цэнтры тэарэтычных даследаванняў у Празе, Тэхналагічным універсітэце Варшавы і ў The New School for social Research (Нью-Ёрк, ЗША).

Аўтарка трох манаграфій. Другая манаграфія «Супольнасць-пасля-Халакосту: на шляху да грамадства інклюзіі» (Мінск: Медысант, ECLAB-Books, 2018) — была прызнана найлепшай філасофскай манаграфіяй 2018 года Міжнародным Кангрэсам даследчыкаў Беларусі. У чэрвені 2021 года ў нямецкім выдавецтве Suhrkamp выйшла трэцяя кніга «У рэвалюцыі жаночы твар: выпадак Беларусі», якая стала бэстсэлерам.

У 2014 годзе Вольга Шпарага ўвайшла ў групу заснавальнікаў Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі (ECLAB), а ў жніўні 2020 года стала сузаснавальніцай Фемгрупы Каардынацыйнай рады беларускай апазіцыі і Офіса па адукацыі для новай Беларусі. Цяпер жыве ў Берліне.

Больш інфармацыі гл. тут: https://eclab.academia.edu/OlgaShparaga